Югася Каляда

Рукою шчаку трымаеш, трываеш боль,
нібыта любоў. Падобна, але не любоў.
Змочанаю алеем, што намяшаў Люголь,
ваткаю затыкаеш лакуну паміж зубоў.

Лёс уласнага болю ведаеш напярод:
сьвідравальнага джала складаны манэўр,
сківіцу на рэнтген, "не закрывайце рот",
"плюйце!", гадзіну ня есьці; забіты нэрв.

Ну а далей трывае небалючы працэс;
закатаваны, шчэрыш посьмех без амбразур.
У люстры, шчаку задзершы, вывучаеш пратэз,
падобны да зуба; прыгожы, але ня зуб.

Карэньнем прагна еў сад зямлю,
пажарам белым гарэў –
і выбухнуў ягад застыглы салют:
парэчкі, вішні, агрэст.

Нас тлуміць ягад салодкі пах;
ямо, а ім не баліць –
зьляпляе пальцы, цячэ па губах
цукровая кроў Зямлі.

Далёка да восені, да пары
сабою угноіць друз;
круціся, блакітны яблык; гары,
сонца жоўты гарбуз.

Ноч праміне, і абвострыцца зранку
відаў энэргіі ліхаманка,
і разбурае зацішша груба
ад калатнечы малекулаў грукат.

Горад грукоча двароў трыбухою,
мокрай дарогаю, дахаў лускою,
негабляванымі дошкамі плотаў,
белымі шнарамі ад самалётаў,

чорнай слатою крутога замесу,
лесам за трасай; і бачны за лесам
горад, таксама захоплены гэтым
кровазваротам бяз сэнсу і мэты.

Розум адзіны дае табе фору
кроіць уласнай матэрыі форму,
Стыкс пераплысьці каналам абводным...

Штосьці трымае. Любоў, верагодна.

На першы пагляд гэты горад ня варты любові.
У цемры, разбаўленай ёлкім алеем ліхтарным
Люстрана тапырацца гмахі — абое рабое,
Дакучлівы вецер сябе прапануе затанна

І раптам шалее, мацнее, мяняе кірунак
І поўхай цябе выцінае ў прыпадку пяшчоты.
Няўцям даланёй прыкрываеш апёк-пацалунак
І ўдзячнасьць салёная вадка спаўзае па шчоках.

Ранак. Стаіш ля вакна. З усходу
сунецца пляма сьвятла. Павольна
пара над комінамі заводаў
пухне як высьпелая бавоўна.

Дзень паказаўся і выйшаў вонкі.
Шэрая пляма спаўзла на захад.
А край дарогі павіслі гронкі
жоўта-ружовых ліхтарных ягад.

Дзень, як шарэе, мяркуй, пражыты.
Фары ўмыкаеш за позьнім часам —
бачыш, сьвятло бяжыць па пражылках
у пакручастых сьцяблінах трасаў.

Вечар. Ты першы сягнеш на коўзкі
лёд, не атручаны сольлю едкай —
і на калене разгорне пялёсткі
крывападцёку блакітная кветка.